Жнівеньская народная абраднасць на Кармяншчыне
Жнівеньскія песні і абрады добра захаваліся ў беларусаў. Імі багатая і адметная і Кармяншчына.
Сваеасаблівымі дэталямі адро-зніваюцца нашы зажынкі. У вёсках Кармянскага раёна было распаўсюджана ўяўленне, што зажынаць павінна здаровая жанчына, інакш казалі, што «калі пойдзе зажынаць хворая жанчына, з бальной рукой, то ўсе людзі будуць хварэць: то парэжуць пальцы, то нарываць будуць…» (в. Высокая). Нажаўшы першы сноп, на зямлю клалі хлеб-соль і прамаўлялі, звяртаючыся да Споркі (Маці Божай): «Спорка-спешка, кругом постаці аббяжы, нам жаць памажы, хадзі к нам абедаць хлеб, соль, вадзічку» (в. Высокая). Першы нажаты сноп абавязкова забіралі з поля з сабой, ставілі на покуці, затым яго «аббівалі і свяцілі ў царкве» (в. Ворнаўка).
У жніўных песнях гучалі матывы цяжкай долі жанчыны, якая сумуе па сваіх бацьках, нешчаслівага сямейнага жыцця, сіроцкія матывы.
На дажынкі выконваліся пэўныя абрадавыя дзеянні. Напрыклад, у Бычы (Акцяброва), калі дажыналі жыта, збіралі некалькі каласкоў, звязвалі іх у вузел, пад іх клалі хлеб і соль. Абавязкова выконваўся рытуал «праполкі барады». Апошні зжаты сноп неслі да хаты гаспадара і вешалі яму на шыю вянок з каласоў (в. Быч). Цікавае міфалагічнае павер’е было запісана ад Г. Бабковай з в. Вашчанкі: «Хто бараду сарве, таму Бог шчасце прынясе. Таму па начах, каб ніхто не бачыў, маладыя хадзілі і зрывалі бараду».
Асобае месца займае народнае свята Ілля. Лічылася, што Ілля грукаціць па небе на калясніцы і кідае стрэлы-маланкі ў нячыстых. Куды пацэліць, тое і запаліць маланка. Паводле народнага ўяўлення, нячыстыя сілы маглі ператварацца таксама ў розных звяроў, хавацца ў людскіх хатах. Ілля таксама выклікае дажджы і град (прыказка: «Прыйшоў Ілля – укінуў у воду кусок ільда»).
Свята Іллі (2 жніўня) успрымалася як канец лета і пачатак восені (прыказкі: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае», «На Іллю да абеда лета, а пасля абеда восень», «Прыйшоў Ілля – нарабіў гнілля», (пасля чаго купацца ў рэчцы ці возеры ўжо нельга. (Вёскі Сырск, Ліцвінавічы, Струмень, Барсукі), «Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два».
Жнівеньскія дажджы і бясконцыя маланкі ў народзе называліся «арабінавымі» («рабінавымі») і пачыналіся часцей за ўсё са свята Іллі. У народзе было распаўсюджана павер’е: «У арабінавую ноч у бітве сыходзіліся сілы дабра і зла». Сам Ілля асацыіруецца з язычніцкім богам навальніцы і маланкі Перуном.
Пра скарачэнне дня познім летам казалі: «Ілля-прарок дзве гадзіны звалок», «З Іллі працаўніку дзве ўгоды: ноч доўгая ды вада халодная». Маланкі на свята Іллі лічыліся лекавымі, а дажджавую воду ў гэты дзень сяляне збіралі, каб мыцца ёю. А трэсачкі з гарэлага дрэва, «згарэлага ад удару маланкі на Іллю» (вёскі Струмень, Сырск, Багданавічы), дапамагалі ад зубнога болю.
Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы