Рэкі Кармяншчыны (працяг)
Бобрыца – прыток ракі Сож паблізу Ліцвінавіч. Меліяратары “пагаспадарылі” так, што ад Бобрыцы засталася, бадай, толькі назва. Калісьці на рэчцы жылі бабры, будавалі “гаці”, “хаткі”. Цяпер тут праглядваецца ланцужок невялікіх азярцоў з густымі зараснікамі чароту і вастралісту.
Пачынаецца за 2 км на паўночны усход ад вёскі Лесавая Буда Кармянскага раёна, вусце на ўсходняй ускраіне горада Чачэрск. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Разводдзе звычайна з 2-й дэкады сакавіка да пачатку 3-й дэкады красавіка. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шырынёй 0,5-0,6 км. Схілы пераважна адкрытыя, умерана стромкія і спадзістыя; іх вышыня 7-10 м, месцамі да 15 м. Пойма двухбаковая (шырыня 200-500 м), асушаная, лугавая, асобныя ўчасткі параслі хмызняком. Рэчышча каналізаванае; яго шырыня 3-6 м у верхнім цячэнні, 7-10 м у сярэднім і да 15 м у ніжнім. Берагі вышынёй 1-1,5 м.
Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў.
Жабінка – назва індаеўрапейскага паходжання. Англ quab – балота. Рака з гразкімі балоцістымі берагамі. Месца, дзе было некалі балота. Узнікненне назвы звязана з перамяшчэннем першых славянскіх груп з поўдня і паўднёвага захаду. Мясцовае тлумачэнне звязана з пазнейшым славянскім пераасэнсаваннем (па сугуччы словаў) – “бо тут вадзілася шмат жаб”. Упадае ў раку Горна.
Жавунiца – рака ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці і Кармянскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Сож (басейн Дняпра).
Даўжыня ракі 17 км. Упадае ў Сож прыкладна за 6 км у напрамку на паўночны ўсход ад аграгарадка Ліцвінавічы.
Назва ракі сугучна імені славянскай язычніцкай багіні Жавены (Жывены, Жаўны) – багіні жыцця, апякункі ўсяго жывога. Як вядома, ва ўяўленнях нашых продкаў менавіта вада давала жыццё.
Кля́пінка (Будзянка – у верхнім цячэнні – рака ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці і Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, левы прыток ракі Сож (басейн ракі Днепра).
Даўжыня ракі 23 км. Плошча вадазбору 101 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,4 м/км. Пачынаецца на паўднёвай ускраіне вёскі Беразякі 2-е Краснапольскага раёна. Цячэ па паўднёвай ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Упадае ў старычнае возера Лучнае на пойме ракі Сож прыкладна за 1,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Студзянец Кармянскага раёна. Прытокі – ручаі і рака Ржаўка.
Каля ракі населеныя пункты Кляпінская Буда, Кляпін, Валынцы.
Касалянка, Касялянка, Перагонка – рака ў Слаўгарадскім Магілеўскай і Кармянскім раёнах Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Сож (басейн Дняпра). Даўжыня 34 км. Плошча вадазбору 352 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,8 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 м/км.
Пачынаецца каля паўднёва-заход-няй ускраіны вёскі Малая Зімніца Слаўгарадскага раёна, вусце на 1 км ад вёскі Ліцвінавічы Кармянскага раёна. Цячэ па паўднёва-заходняй ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны.
Даліна ў высокай плыні невыразная, ніжэй трапецападобная, шырыня яе 0,9-1,5 км. Абалона ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, яе шырыня 0,2-0,9 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 17,5 км (выток – 0,5 км вышэй вусця ракі Бычанка), далей слаба меандруе. Шырыня ракі ў межань у сярэдняй плыні 8-10 м, у нізкай 3-5 м.
“Косель” – старажытная назва, верагодна, паходзіць ад слова “каса” “косы”, бо рака ўтварае на шматлікіх паваротах пясчаныя косы.
Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы