Аб той зямлі, дзе нарадзіўся
За цішыню, спакой і мірнае неба: кармянцы расказалі, за што яны любяць наш родны край.
Мікалай Ціханаў, пенсіянер:
– Найбольш люблю сваю Радзіму за хараство яе прыроды. За зямлю, што ўсіх нас корміць. За прастор палёў і чысціню рэк і азёр. Канечне, кожны край у свеце можа быць па-свойму цудоўны і прыгожы, але для мяне лепшых мясцін не бывае. Гэта наша матухна-прырода, маці-зямля.
Валянціна Ніфадава, жыхарка в. Высокая:
– Я нарадзілася за межамі Беларусі, а на Кармяншчыну прыехала амаль 10 гадоў таму – да дачкі, якая выйшла замуж і пераехала ў Беларусь. І ведаеце, не шкадую аб тым, што жыву на такой гасціннай зямлі. Мне ў Беларусі падабаецца ўсё: чысціня, парадак, узаемаадносіны паміж людьмі, мірнае неба. Гэта цудоўныя мясціны, якія немагчыма не любіць.
Карына Філіпчанка, студэнтка:
– Нашу краіну я люблю за лясы, палі і азёры, чыстую зямлю. За тое, што мы жывем у міры і спакоі, маем магчымасць вучыцца і працаваць менавіта там, дзе хочацца, выбіраць тую прафесію, да якой імкнецца душа. Я таксама зараз іду да сваёй мары і, спадзяюся, мае працоўныя будні прынясуць карысць людзям.
Уладзімір Храмянкоў, пенсіянер:
–Ці варта ў наш час, калі навокал адбываюцца такія жахлівыя падзеі, нават тлумачыць, якая каштоўнасць мір? А ў нас цішыня, спакой і мірнае неба – гэта самае галоўнае, за што я люблю Беларусь. А таксама за тое, што дзеці могуць гуляць, вучыцца, расці і марыць на мірнай зямлі, за нашу агульную сучаснасць і будучыню.
Алеся ШУЦІКАВА