Кармянскаму раёну — 100 год

На другой сесіі цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі якая адбылася 17 ліпеня 1924 года, была прынята пастанова «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР», адпаведна якой быў утвораны Кармянскі раён у складзе Магілёўскай акругі. Цэнтр – мястэчка Карма. Менавіта з гэтай даты пачынаецца адлік самастойнай жыццядзейнасці Кармяншчыны.

Кармянскі раён у той час падзяляўся на 17 сельсаветаў: Баравабудскі, Барсукоўскі, Старабычанскі, Валынцаўскі, Ворнаўскі, Задубскі, Каменскі, Кармянскі, Кароцькаўскі, Куракаўшчынскі, Ліцвінавіцкі, Расохскі, Руднянскі, Струкачоўскі, Струменскі, Хізаўскі, Хляўнянскі. 5 жніўня 1929 года Каменскі сельсавет перайменаваны ў Курганіцкі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года ў склад Кармянскай тэрыторіі ўвайшлі Балатнянскі і Журавіцкі сельсаветы скасаванага Журавіцкага раёна, якія 12 лютага 1935 года перададзены новаўтворанаму Доўскаму раёну. 15 ліпеня 1935 года вёска Валынцы аднесена да катэгорыі мястэчак.

З 1932 года пачынаецца выхад раённай газеты “Калгаснік Кармяншчыны”, з 1938 года па 1968 год раёнка мела назву «Авангард», а з 68-га года і па сённяшні дзень «Зара над Сожам».

У лютым 1938 года Кармяншчына ўключана ў склад Гомельскай вобласці. 27 верасня 1938 года мястэчка Карма атрымала статус гарадскога пасёлка, статус мястэчка Валынцы паніжаны да вёскі.
У 1940 годзе ў раёне дзейнічала 5 заводаў па вытворчасці цэглы, 11 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, дзве швейныя фабрыкі. Мелася дзве бальніцы на 88 ложкаў. Працаваў радыёвузел, які абслугоўваў 286 радыёкропак у Карме і 145 на вёсцы. У гэты час таксама ў раёне дзейнічалі 46 пачатковых, 18 няпоўных сярэдніх, 5 сярэдне-адукацыйных школ, 3 дзіцячыя садкі, 20 клубаў, 16 хат-чытальняў, 18 бібліятэк. Налічвалася 106 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Створана таварыства садзейнічання абароннаму, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву, якое праводзіла працу з мясцовай моладдзю.

На працягу 832 дзён і начэй у перыяд з 15 жніўня 1941 года па 25 лістапада 1943 года Кармянскі раён знаходзіўся пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў і амаль спыніў сваю дзейнасць. За гэты час гітлераўцамі раён быў разбураны і разграблены. Фашысты стварылі ў Карме два яўрэйскіх гета, у якіх па розных дадзеных загінула ад 700 да 1500 яўрэяў. Вораг цалкам знішчыў тры машынна-трактарныя станцыі, саўгас, 105 калгасаў, ільнозавод, спіртзавод, малаказавод, вывез сельскагаспадарчую тэхніку і інвентар, ліквідаваў грамадскае пагалоўе жывёлы. Былі разграблены 70 школ, усе бібліятэкі, раённая і ўчастковыя бальніцы, фельчарска-акушэрскія пункты. Немцы спалілі 1369 дамоў калгаснікаў, рабочых і служачых.
За час Вялікай Айчыннай вайны прызвана ў дзеючую армію больш за 10 тысяч жыхароў Кармяншчыны, загінула на франтах больш за 6 тысяч чалавек. Фашысты расстралялі, павесілі і па-зверску замучылі 1173 мірных жыхароў раёна, 1493 чалавекі былі вывезены ў Германію. У баях за вызваленне раёна аддалі сваё жыццё 1119 салдат, сяржантаў і афіцэраў Чырвонай Арміі. У іх ліку Герой Савецкага Саюза Калінкін Міхаіл Герасімавіч. Аднак Кармянскі раён выстаяў.
25 лістапада 1943 года Кармяншчына вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Восенню 43-га года ў вёсцы Кляпін аднаўляецца выпуск раённай газеты «Авангард», а ўжо ў пачатку 1944 года ў г.п. Карма пачынае працаваць радыёвузел.

1946-1950 гады – пачынаюць працаваць тры цагляных заводы, спіртзавод, райпрамкамбінат, лесапільны завод, ільнозавод, торфапрадпрыемства ў весцы Ворнаўка, аднавіла працу ткацкая арцель імя Клары Цэткін.
У ліпені 1954 года ў Кармянскім раёне праходзіць новае адміністрацыйна-гаспадарчае дзяленне: скасаваны Баравабудскі, Задубскі, Руднянскі, Хізаўскі сельсаветы, утвораны Стараградскі сельсавет. 25 снежня 1962 года гарадскі пасёлак Карма, Барсукоўскі, Бычанскі, Валынцаўскі, Ворнаўскі, Кароцькаўскі, Куракаўшчынскі, Курганіцкі, Ліцвінавіцкі, Расохскі, Стараградскі, Струкачоўскі, Струменскі, Хляўнянскі сельсаветы перададзены Рагачову, а ў 1964 годзе Чачэрску.

30 ліпеня 1966 года Кармянскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Карма з падпарадкаванымі пассавету населенымі пунктамі, Барсукоўскі, Валынцаўскі, Ворнаўскі, Каменскі, Кароцькаўскі, Ліцвінавіцкі, Лужкоўскі, Стараградскі, Струкачоўскі, Струменскі, Хляўнянскі і Акцяброўскі сельсаветы. 2 верасня 1975 года Хляўнянскі сельсавет перайменаваны ў Залатамінскі.
12 сакавіка 1968 года ў вёсцы Літвінавічы адкрыты мемарыяльны музей П.М. Лепяшынскага, а з 1975 года пачала працу птушкафабрыка «Сож».
У 1983 годзе за дасягнутыя поспехі ў перыяд зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы раён узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і ЦК ВЛКСМ.
26 красавіка 1986 года пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС былі цалкам адселеныя, а затым і ліквідаваныя 29 населеных пунктаў, 2 сельскіх выканаўчых камітэты, 2 сельскагаспадарчых прадпрыемствы.
З 1993 года ў раёне пачаў працу асфальтабетонны завод.
У канцы 90-х – пачатку 2000-х гадоў у Карме здадзены ў эксплуатацыю лазнева-аздараўленчы комплекс, запушчана станцыя абезжалезвання, адкрыты сацыяльна-педагагічны цэнтр дапамогі сям’і і дзецям і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Згодна з Дзяржаўнай комплекснай праграмай развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007-2010 гады ў 2008 годзе ў райцэнтры адкрыта прадпрыемства па вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў.

У цяперашні час на тэрыторыі раёна налічваецца 68 населеных пунктаў, ў якіх пражывае 13073 чалавекі. У склад раёна ўваходзяць 7 сельскіх Саветаў. Ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць больш за 150 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Функцыянуюць: філіял №2 ААТ «Рэчыцкі тэкстыль», КУП «Кармалён», ААТ «Кормааграсэрвіс», 5 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, КПУП «Палікалор», 2 банкі. Дзейнічае больш за 100 гандлёвых кропак. Бытавыя паслугі насельніцтву аказвае Кармянскі камбінат бытавога абслугоўвання і індывідуальныя прадпрымальнікі. Жыллёвы фонд абслугоўвае КЖВУП «Карма».
Паслугі сувязі ў раёне аказваюць вузел паштовай сувязі і сэрвісны цэнтр Кармянскага раёна Белтэлекам.
Медыцынскае абслугоўванне ажыццяўляюць: установа аховы здароўя «Кармянская цэнтральная раённая бальніца», раённая паліклініка, 3 амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, 13 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 3 аптэкі.
У Кармянскім раёне функцыянуе 23 установы адукацыі. З іх 1 гімназія, 8 сярэдніх школ, 3 базавыя школы, 8 устаноў дашкольнай адукацыі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, а таксама Кармянскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі
Дзейнічае развітая сетка ўстаноў культуры, у якую ўваходзяць 12 клубных устаноў, 13 бібліятэк, дзіцячая школа мастацтваў і музей.
На тэрыторыі раёна ажыццяўляюць свою дзейнась шэраг грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і палітычных партый.
Кармяншчына славіцца знакамітымі землякамі: Хадановічам Львом Сяргеевічам – поўным кавалерам ордэнаў Славы, Мажэйкам Паўлам Віктаравічам, Несцяровічам Паўлам Уладзіміравічам, Філімонавым Аляксандрам Андрэевічам – Героямі Савецкага Саюза і інш.
За працоўныя поспехі званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена Дзмітрыеву Міхаілу Афанасьевічу – дырэктару Кармянскай школы-інтэрната, доктару педагагічных навук, прафесару, Нікіціну Кузьме Кандрацьевічу – старшыні калгаса імя Сталіна, цяпер КСУП «Дубавіца», Караткевічу Мікалаю Аляксандравічу – механізатару КСУП «Саўгас «Кармянскі».
У 2024 годзе свой 105-гадовы юбілей адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Іосіфавіч Альшэўскі — гонар Кармянскай зямлі.

Дзянic РЫБЯНКОЎ

Фота з архіва рэдакцыі

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"