А без вады і ні туды, і ні сюды
Жыхары верхніх паверхаў шматпавярховых дамоў нашага райцэнтра не раз сутыкаліся з праблемай адсутнасці вады. А сёлета, падчас надзвычайнай спёкі, гэта стала зусім невыносным. Мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, што зроблена для паляпшэння сітуацыі.
Згадзіцеся, калі на вуліцы градус паветра набліжаўся амаль да 40 градусаў і нават цень не ратаваў, хацелася прыйсці з работы і адразу трапіць у душ. Але ўладальнікам жылля на пятым, а часам і на чацвёртым паверху гэткая раскоша аказалася недасягальнай. У кранах не было не толькі гарачай, а нават і халоднай вады. Асабліва «весела» даводзілася жыхарам вуліцы Кастрычніцкая, дома нумар тры па вуліцы Савецкая, а таксама на ўскраінах Кармы.
Як жа адсутнасць вады тлумачылі пры звароце ў дыспетчарскую камунальнага прадпрыемства? Вельмі проста: людзі паліваюць гароды, таму націску не хапае. Але ж праблема паўтаралася з году ў год. І зараз было даручана замяніць абсталяванне, якое не дазваляе абслугоўваць насельніцтва ў поўнай меры.
Мы ўдакладнілі ў начальніка водаканалізацыйнай гаспадаркі КЖВУП «Карма» Сяргея Альшэўскага, на якой ступені вырашэння знаходзіцца пытанне. Высветлілася, што новая помпа ўжо падключана на станцыі абезжалезвання. Напрыканцы мінулага тыдня праводзілася яе абвязка – усталяванне дадатковай трубы, якая дазволіць у выпадку аварыі пераключыцца на рэзервовую помпу. Акрамя таго, заказалі абсталяванне, якое будзе падтрымліваць пастаянны ціск. На сённяшні дзень працягваюцца работы, каб запусціць усё гэта на поўную магчымасць.
Хочацца верыць, што пасля ўстаноўкі новай помпы і абсталявання праблема будзе вырашана канчаткова, а наступныя палівачныя сезоны пройдуць без праблем.
Алеся Шуцікава