Дарагія мае землякі
Мая малая радзіма – вёска Лебядзёўка. За апошнія гады, дакладней, дзесяцігоддзі яна моцна парадзела. Няма ў жывых многіх маіх землякоў, асабліва старэйшага пакалення.
Наязджаючы сюды, падоўгу стаю на тым месцы, дзе калісьці знаходзіўся наш дом і дзе прайшло маё незабыўнае дзяцінства. У пусткі ператварыліся і суседскія сядзібы. І толькі адзінокія дрэвы – пладовыя і тыя, што мы прыносілі з лесу і высаджвалі каля дамоў, ды кустоўе з адзічэлых ягаднікаў і лазы, якая з‘явілася тут невядома адкуль, сведчаць пра тое, што некалі тут жылі людзі.
Побач з лесам стаяў дом адзінокай старой Еўкі, за ёю жылі Герасіменкі, побач – дзядька Піліп з сям‘ёй, неўтаймаваны весялун і жартаўнік, за ім баба Малання, Калінавы, Савасцеевы, Ісаенкі, Сцяпанавы … Няма цяпер тых лю-дзей, а іхнія нашчадкі, нібы птушкі, разляцеліся па ўсяму свету.
Мае землякі былі людзьмі звычайнымі і простымі. Глядзелі свае сем‘і, ладзілі гаспадарку, працавалі ў калгасе ды на іншай грамадскай вытворчасці. Нікому нічога дрэннага яны не рабілі, проста жылі, як і мноства іншых людзей.
Сям‘я Домны і Кузьмы Кротавых была такой жа, як і ўсе астатнія, нічым асаблівым яна не выдзялялася. Іх дом знаходзіўся насупраць школы, дзе настаўнікамі працавалі мае бацькі.
Гаспадар гэтай сям‘і неяк выбраўся ў лес па дровы, нягле-дзячы на тое, што надвор‘е было дужа неспрыяльным. Небарака ўвесь прамок, вельмі стаміўся і ледзве дабраўся да дому, дзе жонка адпайвала яго рознымі зёлкамі. Ды пазбегнуць захворвання ўсё ж не ўдалося, і праз некаторы час мужчына памёр.
Моцна гаравала па ім гаспадыня: на руках у яе засталося шасцёра непаўналетніх дзяцей. Але колькі ні бядуй, а жыць трэба, ды падымаць на ногі дзяцей, якія неспадзявана раптам сталі напалавіну сіратамі.
Дапамагала радня, асабліва брат Аляксандр, які жыў непадалёк. Не абыходзілі ўвагай дом нешчаслівай удавы і найбольш чулыя вяскоўцы, свет жа не без добрых людзей. І ўсё ж асноўныя клопаты ёй давялося ўзваліць на свае плечы. Прыходзілася рана ўставаць і позна класціся спаць, каб дзеці былі накормлены, абуты і апрануты, каб вопратка ў іх была чыстай і каб выглядалі яны ніяк не горш за іншых вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Зрэшты, ёй прапаноўвалі аддаць некаторых дзяцей у спецыялізаваны інтэрнат. Але ж яна адмовілася: разам дзецям было весялей, да таго ж яны заўсёды знаходзіліся ў яе на вачах.
Дзеці дапамагалі ёй па гаспадарцы. Нібыта тыя мурашы, ра-зам з маці яны шчыравалі на сядзібе цэлымі днямі, без асаблівай патрэбы нават не ішлі гуляць са сваімі сябрамі .
Маці наказвала дзецям паважліва ставіцца да людзей, не рабіць дрэннага, шанаваць месца, дзе яны нарадзіліся на свет. У яе лексіконе не было высокіх слоў, якія часам можна пачуць з трыбун, ды яна іх, мабыць, і не ведала. Дзяцей жанчына вучыла быць добрасумленнымі і простымі людзьмі.
Дзеці выраслі такімі, якімі іх і бачыла ў сваіх марах маці. Яны добра вучыліся і прыкладна сябе паводзілі і з цягам часу ўсе знайшлі сваю дарогу ў жыцці, ніколі не забываючы малой радзімы.
Васіль і Аляксандр (па-вясковаму Васька і Шурка) сталі ваеннымі. Васіль Кротаў у чыне палкоўніка доўгі час служыў выкладчыкам вышэйшага ваеннага вучылішча, пражываў у Сімферопалі. Капітан другога ранга Аляксандр Кротаў бараздзіў на караблі неабсяжныя марскія прасторы.
Яны прыязджалі ў вёску да маці пры першай жа магчымасці. Сустракаліся з землякамі, былі вельмі простымі і адкрытымі, нібыта ніколі і не ад‘язжалі адсюль, а ўвесь час жылі тут разам з людзьмі, якіх ведалі з дзяцінства.
Міхаіл Кротаў доўгія гады працаваў старшынёй праўлення нашага калгаса “Кастрычнік”. Тады калгасная дэмакратыя існавала не на словах, а на справе. Праз кожныя два гады на агульным сходзе калгаснікі выбіралі новага старшыню, і калі ранейшы на гэтай пасадзе не апраўдваў даверу людзей, яго маглі і не выбраць.
Міхаіл Кузьміч узначальваў гаспадарку на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Пры ім яна стала заможнай і лічылася адной з лепшых у Кармянскім раёне.
У гэтым жа калгасе звычайнай даяркай працавала і Вольга Кротава, родная сястра самога старшыні. Пры жаданні ён мог бы знайсці для сясты і больш “цёплае” месцейка, але ж не рабіў гэтага. Сятра не крыўдзілася на брата: яна разумела, што гэта можа не спадабацца людзям.
З мужам Васілём, вельмі сціплым і далікатным чалавекам, Вольга ўсё жыццё шчыравала ў жывёлагадоўлі. Муж пасвіў калгасных кароў, да справы адносіўся добрасумленна, як і яго жонка.
Другая сястра з гэтай паважанай у вёсцы сям‘і, Марыя Кротава, пасля заканчэння школы падалася ў Гомель. Працавала на кандытарскай фабрыцы “Спартак”, ды заўчасна памерла, гаротная.
У Светлагорскім раёне працавала настаўніцай пачатковых класаў Ганна Кротава, трэцяя з сясцёр. Туды яе накіравалі на працу пасля заканчэння Гомельскага музычна-педагагічнага вучылішча.
З роднай вёскай дзеці Домны і Кузьмы Кротавых не парывалі сувязей усё свае жыццё. Тыя з іх, што жылі ў далечыні ад родных мясцін, прыязджалі да маці, пасля яе смерці – да брата і сястры, як толькі выпадала магчымасць. І надалей яны вырашылі застацца разам…
Марскога афіцэра Аляксандра Кротава першым з братоў пахавалі на вясковых могілках у Лебядёўцы (да гэтага ён з сям‘ёй пасля выхаду ў адстаўку пражываў у Мінску). Праз колькі год сюды ж даставілі і цела Васіля Кротава…Пакрысе ўсе яны і сабраліся разам, як некалі ў дзяцінстве, каля бацькі і маці.
Цяпер на вясковых могілках цэлы пантэон сям‘і Кротавых. Усім пастаўлены мармуровыя помнікі. На Радуніцу пакланіцца родным магілам прыязджаюць іх нашчадкі, многія з якіх жывуць у далечыні ад нашай Лебядзёўкі.
Тым часам на месцы, дзе калісьці знаходзілася дворышча Кротавых, сёння практычна ўжо нічога не засталося. Засталася толькі памяць.